З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мята[3] (Mentha) — род кветкавых раслін сямейства губакветных.
Шматгадовыя травяністыя расліны вышынёю да 1,2 м. Лісце суцэльнае, зубчастае або пілаватае. Кветкі дробныя, 1- і 2-полыя, ружавата-ліловыя ў пазушных кальчаках або коласападобных ці галоўчатых суквеццях. Плод — чатырохарэшак.
Налічваецца каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе паўночнага паўшар'я. Некалькі відаў здаўна культывуюцца ў многіх краінах як эфіраалейныя і лекавыя расліны. На тэрыторыі Беларусі 3 дзікарослыя віды: мята водная (Mentha aquatica), мята даўгалістая (Mentha longifolia), мята палявая (Mentha arvensis). Трапляюцца на палях, па берагах рэк і азёр. Вырошчваюць пераважна мяту перцавую (Mentha piperita) — гібрыд мяты воднай і мяты каласковай (Mentha spicata).
Лекавыя, эфіраалейныя, харчовыя, меданосныя расліны. Трава мяты ўтрымлівае ментол, ужываецца як лекавы сродак. Мятны алей выкарыстоўваюць у парфумерыі і харчовай прамысловасці.
Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 83. — 160 с. — 2 350 экз.