www.fgks.org   »   [go: up one dir, main page]

| на галоўную | кроніка | дасылкі | аб праекце | кантакты | наш банэр |

Р. Астроўскі ў Баранавічах 1943г.

 

Сьмерць Кубэ... дазваляла Астроўскаму вярнуцца ў Менск. Пасьля канфлікту зь Ермачэнка ён 2 гады правёў у Смаленску, працаваў там у мясцовай адміністрацыі, супрацоўнічаючы з штабам фэлбдмаршала Клюге, камандзіра цэнтральгана ўчастку фронту і смаленскай службы бясьпекі (SD).

...Пасьля эвакуацыі з Смаленску ён кароткі час знаходзіўся ў Магілёве і толькі пасьля замаху на Кубэ, у канцы верасьня, ці напачатку кастрычніка 1943г., вярнуўся пакуль у Баранавічы, куды эвакуяваўся штаб Клюге. А ў Менску разьмяшчалася смаленскае SD...

ARCHE 2-1999г. Ю Туронак "Вацлаў Іваноўскі і беларускае адраджэньне" пераклад Віялеты Кавалёвай.

Глядзі таксама: Прыезд Р. Астроўскага ў Баранавічы ў 1944г.

Працуючы з Астроўскім амаль два гады на фронце і жывучы гэты час пад адным дахам, абменіваючыся зь ім думкамі і меркаваньнямі пра ўсе палітычныя і грамадзкія праблемы і справы, мы лепш даведаліся адзін аднаго. І, нарэшце, распавялі яму пра існаваньне на Беларусі тайнай арганізацыі Беларускай Незалежніцкай Партыі і пра яе пляны. Мы прапанавалі яму у патрэбную “Х”-хвіліну, узначаліць Беларускі ўрад. Радаслаў Астроўскі прыняў гэтую прапанову, бо быў упэнены, што яго падтрымае і палітычна, і збройна шматтысячнае Беларускае Краёвае Войска -- ОД.
Мы прапанавалі Радаславу Астроўскаму, пакінуць франтавую зону нібыта з нагоды хваробы і неабходнасьці вярнуцца ў Баранавічы да дачкі і зяця (Мікалая і Галіны Мінкевічаў -- рэд.), дактароў мэдыцыны, на “лячэньне”. А на самой справе, каб вычакаць момант і быць на месцы падчас меркаваных палітычных зьменаў. Тады, у належную хвіліну, ён зможа вясьці адпаведныя перамовы з новым нямецкім урадам ці з заходнімі сіламі пра далейшае супольнае змаганьне беларускага народу супраць сталінскага рэжыму, за аднаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі. Астроўскі з такой прапановай пагадзіўся і пачаў падрыхтоўваць Г. Крааца да свайго ад’езду з франтавой зоны ў Баранавічы для “лячэньня”. Нарэшце, у кастрычніку 1943 г. ён выкарыстаў пераезд Крааца з Магілёва і, згодна нашай з ім дамоўленасьці, пакінуў франтавую зону і выехаў на “лячэньне”.

Дзьмітры Касмовіч "Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю"

 

У 1943 годзе з Бранска да Баранавіч прыехаў Радаслаў Астроўскі ды затрымаўся ў свайго зяця др. М.Мінкевіча, які пасьля ўпадку др. Лукашэні стаўся акруговым лекарам на Барананавіцкую акругу. Я даволі часта сустракаўся тады з Астроўскім ці ў Баўдзея, ці ў др. Вэнжыка, ці ў А. Русака, які гэтым часам падмяніў Юрага Сабалеўскага на становішчы бурмістра Баранавіч. Над чарку ці раз мы абмяркоўвалі нашую беларускую сітуацыю, разважалі што рабіць. Усім было ясна, што немцы не разумеюць славянскае псыхалёгіі, што да славянаў усіх яны падыходзяць з сваей нямецкай меркай "ібэрмэншаў"....

У палове сьнежня 1943 году, у будынку гэбітскамісарыяту ў Баранавічах, адбыўся сход беларускіх дзеячоў у ліку 45 чалавек. Сярод іх быў і Радаслаў Астроўскі. На гэтым сходзе быў і я, ды меў магчымасьць назіраць прапаганду нямецкае палітыкі "пратэкцыі" Беларусаў. Акруговы камісар Вэрнэр заклікаў Беларусаў да супольніцтва зь Немцамі, якія вызвалілі Беларусь ды ўсімі сіламі яе цяпер бароняць на фронце ад варожых атакаў. Ён асьветчыў, што Фюрэр цэніць наш народ ды гатовы даць і дзяржаўныя канцэсіі, калі толькі Беларусы будуць дапамагаць у змаганьні з бальшавізмам.

Хоць ужо кс.В.Гадлеўскі станоўка адмовіўся ад беззасьцярэжнага супрацоўніцтва зь Немцамі, прысутныя прапагандыстыя з табару Акінчыца - Гарбуноў Бядрыцкі, Шпак, ды іншыя, - выступалі цяпер з рабскімі прамовамі, заклікалі Беларусаў стаяць цьвёрда пры Немцах, быць ім паслухмянымі, бо накш мы загубім свой народ....

З прамоваю выступіў Р.Астроўскі. ён не пагаджаўся з прапагандыстамі Акінчыца. У сваім выступленьні Астроўскі даводзіў, што беларускі народ ня верыць Немцам, хоць і ўскладаў на іх вялікія надзеі, бо Немцы й дасюль не далі згоды на адміністрацыйна-дзяржаўныя формы самакіраваньня. Цяпер, у пару вельмі крытычную, калі й Масква, і Аліянты намагаюцца зламаць Нямеччыну, час урэшце даць беларускаму народу канцэсіі ў галіне яго дзяржаўнага самакіраўніцтва.

Пасьля Астроўскага выступалі й іншыя прамоўцы. Усе яны падмацоўвалі погляд Астроўскага. Я асабіста быў супроць бліжэйшага супрацоўніцтва зь Немцамі.

Дзён колькі пазьней сустрэў я свайго сябру В.П., які мне перадаў, што СД па ўсіх сваіх установах у Беларусі зьбірае апінію пра Р. Астроўскага.

-А ці ты ведаеш пра сход Беларусаў у акруговага камісара?

-Ведаю, але ня ў дэталях. Што-ж там было?

-Былі там цікавыя гутаркі. Немцы загаманілі аб канечнасьці палітычнага супрацоўніцтва Беларусаў зь Немцамі.

-Дык можа хочуць абаперціся на Астроўскага?

-Цяжка сказаць. Астроўскі якраз крытыкаваў Немцаў. А што ты напісаў?

-Я таксама быў зьбянтэжаны, думаў, што Немцы хочуць яго пакрыўдзіць ды абаперціся на бядрыцкіх. Таму схарактарызаваў яго як здольнага, з багатым мінулым, чалавека.

Праз тыдзень галоўны камісар Беларускай Акругі фон Готбэрг сабраў 200 беларусаў у Менску й заявіў што дае Радзе Даверу жывую форму пераканстытуаваць яе ў Беларускую Цэнтральную Раду , начале з Р. Астроўскім.

Я. Малецкі "Пад знакам Пагоні", Таронта, 1976, "Пагоня".

Глядзі таксама:

Прыезд Р. Астроўскага ў Баранавічы ў 1944г.

Падрыхтаваў Равяка Руслан

| на галоўную | кроніка | дасылкі | аб праекце | кантакты | наш банэр |

 

Akavitaдзед ТАЛАШ - першы беларускi парталBelaruski Centar u Prazie CzeskajБелорусский рейтингSpyLOGRating All.BYNarodny Albom - рокпадзея 1998 году