www.fgks.org   »   [go: up one dir, main page]

| на галоўную | кроніка | дасылкі | аб праекце | кантакты | наш банэр |

Бежанства з Савецкай Расеі ў Польшчу

Леанід Галяк у сваёй кнізе "Успаміны" распавядае пра сваё жыцьцё. Ёсьць тамака колькі словаў і пра горад Баранавічы. Яго сям'я падалася ў бежанста пад час 1-й Сусьветнай вайны зь Вільні. Трапілі ў Ліпецк. Увесь час пасьля рэвалюцыі намагаліся вярнуцца. Пад час вятраньня некалькі дзён у пачатку студзеня 1922 году правялі ў Баранавічах...

Увосень 1921 году, калі ізноў пачалася школа, я прыпадкова даведаўся ад аднаго з вучняў мае клясы на імя Салямон, што ягоны бацька ў прыватна гандлёвых справах часта бывае ў Менску і, што адтуль рэгулярна адыходзяць бежанскія эшалёны ў Вільню. Маці пастанавіла распрадаць яшчэ нераспраданыя рэчы і з ручным багажом дабірацца да Менску. Пачаткова мелі ехаць на пачатку лістапада. Прадалі ўжо частку рэчаў, як раптам даведаліся, што на нейкі час рух цягнікоў устрыманы.<...>

Цягнікі ізноў пачалі хадзіць у сьнежані, калі ўжо быў добры мароз, які ня быў так страшны, як раней, бо папрадаваўшы рэчы, купілі кажнаму па пары валенкаў.
Цягнік праходзіў праз Ліпецкую станцыю адзін раз у тыдзень, таму ахвотнікаў ехаць набіралася многа. На пэрон пускалі толькі зь білетамі, а да касы за натоўпам нельга было даціснуцца. Каб не дапамога знаёмага, які патрапіў дайсьці да касы з другога боку, праз урадавае памешканьне, дык няведама калі-б мы выехалі.
Прыехалі ў Смаленск раніцою ў вялікую адлігу і ў валенках трапілі ў ваду. Не памятаю, колькі часу правялі на заплёванай станцыі ў Смаленску, але памятаю, што ў Менск прыехалі каля паўдня.
Затрымаліся ў тым самым памешканьні, дзе жыў бацька ў часе вайны, - на Ніжняй Ляхаўцы. Гаспадаром быў Чартоў, былы собсьнік магазіну з цацкамі для дзяцей. Менск, пасьля Ліпецку рабіў уражаньне жывога гораду. Адчыненыя былі ўсялякія крамы і прадавалася ўсё бяз ніякіх агранічэньняў, уключна з сахарынаю. Польскага консуля ў Менску ня было, бо быў выехаўшы на Каляды ў Польшчу і нам прыйшлося чакаць на ягоны паварот каля тыдня. Бяз ніякіх клопатаў дасталі візу на ўезд і прыдзел на эшалён, які меў адыйсьці за тыдзень. Хадзілі чуткі, што праз граніцу не дазваляюць вывозіць ніякіх фатаграфіяў і дзеля гэтага ўвесь наш фатаграфічны архіў пакінулі на перахаваньне ў Чартова.
На граніцу прыехалі пасьля паўдня. Савецкі цягнік уехаў на падпольскую тэрыторыю і загадалі ўсім выкідаць рэчы, але многа хто не пасьпеў яшчэ выкінуць свае рэчы, як цягнік пачаў падавацца назад у Саветы. Ня ўсе пасьпелі выкінуць свае рэчы, а некаторыя былі задаволеныя, што пасьпелі самыя выскачыць перад гранічнай рысай. Каля чыгункі стаялі вялізныя буданы і там раздавалі жадаючым амэрыканскую рысавую кашу і какао з малаком. Калі ўсе пасьпелі пад'есьці ізноў падыйшоў эшалён таварных вагонаў, і ўсе пачалі ізноў уцягваць свае рэчы ў вагоны. Раніцою прыехалі ў Баранавічы. Цягнік затрымаўся недалёка ад драўляных баракаў, куды загадалі нам перанесьці свае рэчы і раскладацца дзе хто хоча на драўляных, двупаверхавых без сяньнікоў нарах.
Праседзелі ў гэтых бараках цэлы тыдзень - гэты тыдзень лічыўся карантынам. У гэтым часе звадзілі ўсіх раз у лазьню, дзе далі па кавалачку мыла і папырскалі трохі цеплаватай вадою, але незамнога, бо намыленае цела прыйшлося абціраць ручніком. Таксама тут нам выдалі па пары ніжняй амэрыканскай бялізны.
Забыўся яшчэ ўспомніць, што перад пераездам савецкай граніцы быў ператрус рэчаў, праўда даволі павярхоўны. У нас сканфіскавалі частку газэтаў з часу рэвалюцыі ды кераншчыны і бацькаву шпаду, што належыла да параднага строю.
Пасьля лазьні ў Баранавічах, быў назначаны дзень ад'езду эшалёнам у Вільню. <...>

Пасьля прыезду ў Вільню Леанід Галяк разам са сваякамі захварэлі на сыпны тыфус, які верагодна набраліся ў Баранавічах.

Леанід Галяк "Успаміны"

Падрыхтаваў Равяка Руслан

| на галоўную | кроніка | дасылкі | аб праекце | кантакты | наш банэр |

Akavitaдзед ТАЛАШ - першы беларускi парталBelaruski Centar u Prazie CzeskajБелорусский рейтингSpyLOGRating All.BYNarodny Albom - рокпадзея 1998 году